ТЭА́ТР ІМЯ́ МАССАВЕ́ТА драматычны.

Створаны ў 1923 у Маскве пад назвай Т-р імя МГСПС (Маскоўскага гар. Савета прафес. саюзаў), з 1930 Т-р імя МАСПС (Маскоўскага абл. Савета прафес. саюзаў), з 1938 сучасная назва, з 1964 акадэмічны. У 1925—40 т-р узначальваў Я.​Любімаў-Ланской. З першых дзён існавання стаў лабараторыяй новай драматургіі, свой стыль сцэн. ўвасаблення жыцця вызначаў як сац. аналіз падзей, дакументальнасць, пафаснасць у перадачы рэв. героікі. Пастаўлены «Шторм» У.​Біль-Белацаркоўскага (1925), «Цэмент» паводле Ф.​Гладкова (1926), «Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава (1927), «Горад вятроў» У.​Кіршона (1929), «Ворагі» М.​Горкага (1933), «Моцарт і Сальеры» А.​Пушкіна (1937), «Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага (1938) і інш. У 1940—77, калі гал. рэж. быў Ю.​Завадскі, спектаклі вызначаліся ўмоўнасцю ў спалучэнні з псіхал. нюансіроўкай, увагай да выяўл. боку пастановак: «Карчмарка» К.​Гальдоні (1940), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Маскарад» М.​Лермантава (1952, 1963), «Васіль Цёркін» паводле А.​Твардоўскага (1961, 1972), «Вачамі клоуна» паводле Г.​Бёля (1968), «Пецярбургскія сны» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Злачынства і кара» (1969), «Царскае паляванне» Л.​Зорына (1977) і інш. З 1985 гал. рэж. П.​Хомскі. Сярод пастановак 1980—2000: «Браты Карамазавы» паводле Дастаеўскага (1982), «Цытата» Зорына, «Тармажэнне ў нябёсах» Р.​Сонцава (1988), «Ісус Хрыстос — суперзорка» Э.​Уэбера і Т.​Райса (1990), «Каля варотаў царства» К.​Гамсуна (1991), «На залатым возеры» Э.​Томпсана (1992), «Белая гвардыя» паводле М.​Булгакава (1993), «Фама Апіскін» паводле аповесці Дастаеўскага «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (1995), «Не будзіце мадам» Ж.​Ануя, «Мілы друг» Гі дэ Мапасана (1998), «Лялька» Т.​Уільямса (1999), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта (2000) і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі акцёры Л.​Арлова, В.​Астравумава, Г.​Бортнікаў, Н.​Дробышава, Г.​Жжонаў, Б.​Іваноў, І.​Карташова, М.​Мардвінаў, В.​Марэцкая, І.​Мураўёва, Р.​Плят, Ф.​Ранеўская, Я.​Сцяблоў, В.​Талызіна, Г.​Тараторкін, Н.​Ценякова, М.​Церахава, Л.​Шапашнікава, С.​Юрскі і інш.

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)